З гісторыі беларускай цацкі

На Беларусі самымі старажытнымі і пашыранымі былі гліняныя цацкі. Яшчэ ў жалезным веку з'явіліся бразготкі — пустацелыя гліняныя шарыкі, яйкі з каменным шарыкам унутры, фігурныя цацкі свістулькі. Верагодна, што такія цацкі ў даўнія часы мелі не столькі забаўляльнае прызначэнне, колькі рытуальнае: свіст ці бразгаценне павінны былі адганяць злых духаў. Фігуркі людзей, якія абазначалі продкаў, хатніх жывёл, ляпілі з надзеяй паўплываць на дабрабыт сям'і.

 

Изображение

Масавы выраб гліняных цацак пачаўся ў 11—13 стагоддзях разам з развіццём ганчарства.

Свістулькі рабіліся ў выглядзе птушак і конікаў, фігурак людзей.

Изображение

 

У 19 — першай палове 20 стагоддзя гліняныя цацкі вырабляліся практычна ва ўсіх ганчарных цэнтрах Беларусі. Большасць цацак мела абагуленую, умоўную форму. Звычайна іх пакрывалі зялёнай, карычневай ці жоўтай палівай, а ў традыцыйных цэнтрах чорназадымленай керамікі цацкі мелі яшчэ і чорны колер.

Значнае распаўсюджанне ў народным побыце мела драўляная цацка, якая звычайна была рухальнай: людзі намагаліся як бы ажывіць цацку. Папулярнымі былі пілавальшчыкі. Для пілавальшчыка-адзіночкі з дошчачкі выразалі схематычны сілуэт чалавечай фігуры, у плечы ўстаўлялі дзве палачкі-рукі, а ў іх жорстка мацавалі «пілу» з трэскі. Ніжні завостраны канец цацкі ўтыкалі ў бульбіну, якая служыла процівагай. Цацку ставілі на край стала, і яна паціху пагойдвалася — «пілавала» ўяўнае бервяно.Изображение

Складаней было зрабіць парных пілавальшчыкаў. Адзін стаяў на дошчачцы-аснове, а другі — на перакладзіне, што імітавала падстаўку (сталюгу) для распілоўкі бярвенняў. Праз стойкі «сталюгі» і «пілу», за якую трымаліся фігуркі, прапускаўся каленчаты рычажок з дроту. Круціш за рычажок — і пілавальшчыкі пілуюць. Дрывасекі ці кавалі (мядзведзь і каваль) рабіліся на гарызантальных палачках. На верхняй — адзін, на ніжняй — другі. Пасоўваеш палачкі ўправа-ўлева — і кавалі па чарзе б'юць па «кавалдзе».

Акрамя такіх рухомых драўляных цацак, рабілі і іншыя. Такія, напрыклад, як цацкі-птушкі. Іх падвешвалі над дзіцячымі калыскамі, і яны «ляталі» ад павеваў ветру. Тулава такой птушкі рабілі з цуркі (невялікая завостраная палачка), апрацаванай накшталт птушынага цела, хвастом была тая ж цурка, расшчэпленая на канцы на лучыны. Крылы рабілі таксама як і хвост, толькі з другой цуркі.

Цацкі з саломы рабілі з аднаго-двух па-рознаму складзеных і перавязаных саламяных пучкоў. Гэта былі розныя фігуркі: людзі, птушкі, жывёлы. Сюды ж можна аднесці і так званых павукоў. Гэта даволі аб’ёмныя, але лёгкія вырабы. 3 асобных саломінак спляталі геаметрычныя фігуры.

Таксама выраблялі лялькі — фігуркі чалавека. Да драўлянай цуркі мацавалі валасы з кудзелі, вуглём малявалі твар, а з кавалка тканіны шылі адзенне. Акрамя гэтага, майстравалі цацачную мэблю, посуд, прылады працы.