Традыцыйныя рамёствы Беларусі

У Беларусі даўняя багатая гісторыя традыцыйных мастацтваў і рамёстваў, многія з якіх існуюць і цяпер.

Сярод асноўных рамёстваў:

ткацтва

Изображение

Вытокі рамяства
Людзі асвоілі першыя элементы ткацтва яшчэ ў каменным стагоддзі (XIII-VII тыс. да н.э). Першымі ткацкімі вырабамі былі плеценыя з расліннага валакна адзенне, абутак, подсцілкі. Адной з першых раслін, якія выкарыстоўваліся для атрымання тканіны, была звычайная крапіва. Аднак тканіна з яе атрымлівалася вельмі грубай, таму з часам крапіву замяніў лён, воўна і бавоўна.

У беларусаў ткацтва было хатнім заняткам жанчын, і толькі з развіццём таварнай вытворчасці яно стала доляй мужчын-рамеснікаў. Любая дзяўчына з малых гадоў умела ткаць паясы, ручнікі, абрусы, пакрывалы, фіранкі, палавікі і многае іншае. Дэкор, каляровае спалучэнне, арнаментальныя матывы кожнай рэчы неслі даволі глыбокі сакральны сэнс і часта выконвалі не проста дэкаратыўную функцыю, але былі праявай забытых альбо завуаліраваных абрадаў і рытуалаў.

Изображение

Прыстасаванні для ткацтва

Першыя ткацкія станкі (VI-V тыс. да н. э.) мелі вертыкальна размешчаную аснову, якая падвязвалася да гарызантальных галінак дрэў. Унізе ніткі прымацоўваліся да ствалоў паваленых дрэў або заціскаліся камянямі. Ткач трымаў у руках вялікі човен з ніткай і пераплятаў аснову. Працаваць на такім ткацкім станку было цяжка, бо ніткі трэба было паслядоўна перабіраць рукамі, яны часта рваліся, тканіна атрымлівалася тоўстай.

Изображение

Найбольш раннія звесткі аб ткацкім станку гарызантальнага тыпу, які з нязначнымі зменамі дайшоў да нашых дзён, адносяцца да II тысячагоддзя да н. э. Аснову замацоўвалі на двух паралельных брусках, устаноўленых невысока над зямлёй, ніткі ўтока перакідалі з дапамогай чаўнака і прыбівалі бердам.

Изображение 

Падрыхтоўка матэрыялу

Асноўнай сыравінай для вырабу тканін у хатніх умовах у беларусаў быў лён. У канцы лета яго выдзіралі з зямлі з каранямі і рассцілалі на зямлі “мокнуць”. Па сканчэнні аднаго-паўтара месяца сцеблі збіралі, аббівалі галоўкі з насеннем пры дапамозе валька (“пранiка”, “пральнiка”), высушвалі і мялі пры дапамозе мялкі (“мялiцы”, “цернiцы”). Для ачышчэння валакна ад дробных кавалачкаў кастрыцы выкарыстоўвалі падобнае на меч або рыдлёўку драўлянае трапала (“трапло”, “трапушку”).
Пасля трапаны лён часалі пры дапамозе металічнага або драўлянага грэбня або шчоткі, зробленай з шчаціння дзіка. Атрыманае пасля часання чыстае валакно – кужаль спляталі ў косы і ў такім выглядзе захоўвалі да прадзення.
Прыладай прадзення служыў калаўрот (“праснiца”), верацяно і самапралка (“калаўрот”). Для лепшага скручвання нітак пралля змочвала валакно сліной, таму пража станавілася вільготнай і патрабавала прасушкі, для чаго выкарыстоўвалі матавіла (“вiтушка”). Толькі пасля гэтага прыступалі да працаёмкага працэсу ткацтва.

Працэс ткацтва

Стварэнне тканіны на “кроснах” (ручным гарызантальным ткацкім станку) - гэта перапляценне бескаляровых падоўжаных нітак асновы і каляровых папярочных “уточных” нітак. Падчас найбольш працаёмкай аперацыі - запраўкі станка, кожная з нітак асновы прапускаецца праз вузельчыкі аднаго з “нітоў” - сетачных рамак, прызначаных для прыпадымання альбо апускання нітак асновы. Размеркаванне нітак па нітах вызначае малюнак будучай тканіны. Запраўка кроснаў выконваецца ўдваіх і патрабуе высокага майстэрства.
Уласна ткаць або, як казалі даўней, “затыкаць кросны” намнога прасцей. Ткачыха нагой націскае на педалі (“панажы”). Пры гэтым адна частка нітоў апускаецца, іншая падымаецца, а ў утвораны паміж ніткамі асновы зеў пракідваюць чаўнок з уточнай ніткай.  

Беларускі ручнік

Багата ўпрыгожаны ручнік служыў не толькі для бытавых патрэб чалавека, але і з'яўляўся абавязковым атрыбутам у розных абрадах, з ім звязана мноства прыкмет, якія бяруць пачатак яшчэ з дахрысціянскіх часоў.
Ручнік суправаджаў чалавека ад нараджэння і да смерці. “Баба” прымала немаўля, абгарнуўшы рукі кавалкам новага палатна, каб “не жыў з голымі рукамі”. На хрэсьбіны дарылі ручнік кума і “бабкі”. У знак жалобы на сорак дзён вывешвалі на акно ручнік з вузкімі палосамі ўзору - аблямоўцы. Яго павязвалі на шыю памерлага, пакрывалі труну, і на ручніках жа апускалі яго ў магілу. На працягу сарака дзён ручнік лічыўся месцам захоўвання  душы памерлага, своеасаблівым акном паміж светам жывых і светам памерлых. Падчас бедстваў, засухі, эпідэмій ткалі ўсім мястэчкам асаблівы ільняны ручнік "абыдзеннік".
Самымі прыбранымі, шчодра ўпрыгожанымі, яркімі былі вясельныя ручнікі. Вышыўка на тканіне, па павер'ях, павінна была засцерагаць маладых ад дрэннага лёсу. Ручнікамі ўпрыгожвалі вясельны цягнік - коней, збрую, вопратку гасцей. На ручніку стаялі жаніх і нявеста падчас вянчання ў царкве.

Изображение

дрэваапрацоўка

Изображение

Вытокі рамяства

Мастацтва апрацоўкі дрэва прыйшло да нас з глыбокай даўніны. Ужо пячорныя людзі шмат тысяч гадоў таму валодалі першаснымі навыкамі дрэваапрацоўкі. Прыладамі служылі ракавіны, зубы жывёл, косткі і камяні. Радзімай развітога дрэваапрацоўчага рамяства называюць Старажытны Егіпет, дзе склаліся ключавыя тэхналогіі апрацоўкі драўніны, былі створаны асноўныя прылады, віды мэблі і хатняй маёмасці. З часам з простага рамяства дрэваапрацоўка ператварылася ў сапраўднае мастацтва.

Апрацоўка дрэва ў Беларусі

Апрацоўка дрэва займала важнае месца сярод рамесных заняткаў беларусаў. Ужо да ХІ-ХІІІ стагоддзяў беларусы валодалі ўсімі спосабамі апрацоўкі дрэва - разьбой, сталярным і бандарным рамяством, ведалі такарны станок.
З драўніны будавалі не толькі гаспадарчыя пабудовы і жылыя будынкі, але і культавыя збудаванні (капліцы, храмы), гарадскія сцены, вароты і фартыфікацыйныя збудаванні. У кожным доме былі прадметы хатняга ўжытку і прылады працы, вырабленыя з драўніны - лодкі, сані, калёсы, павозкі і карэты; верацёны, калаўроты, матавілы; разнастайныя віды посуду; сталы, лаўкі і іншыя віды мэблі.
Даследчыкі мяркуюць, што ў X-XII стагоддзях у беларускіх гарадах драўляныя прадметы бытавога прызначэння выраблялі не рамеснікі, а самі мясцовыя жыхары, якія з дзяцінства валодалі неабходнымі навыкамі.
Часцей за ўсё ў радавой гаспадарцы не было спецыяльнай майстэрні для працы з дрэвам. Месцам для занятку дрэваапрацоўкай часцей за ўсё служылі сені, дзе ля супрацьлеглай ад уваходу ў хату сцяны стаяў варштат.

На варштаце, або на паліцы, ці ў адмысловых завесах, замацаваных у сцяне, былі расстаўлены альбо развешаны разнастайныя прылады - рубанкі, вугольнікі, рэйсмусы і многае іншае.

Дрэваапрацоўчыя рамёствы

Цяслярства - узвядзенне капітальных пабудоў на аснове бярвеністага зруба - было паўсюдным заняткам. Практычна кожны дарослы мужчына мог сам пабудаваць (або, па-старадаўняму, “зрубіць”) хату і гаспадарчыя пабудовы. У гэтай цяжкай працы яму дапамагалі сваякі і аднавяскоўцы. Прафесійныя цесляры часцяком сыходзілі на заробкі або, як казалі, “у адходнікі”. Арцелі прафесійных цесляроў, акрамя жылых пабудоў, узводзілі масты і плаціны, млыны, будавалі драўляныя цэрквы.
Звычайна ў вёсках вопытны цясляр быў адначасова і сталяром. 

Сталяр майстраваў разнастайную мэблю, прадметы хатняга ўжытку, сельскагаспадарчы інвентар, асобныя дробныя элементы жылля і гаспадарчых пабудоў - дзверы, вокны, лесвіцы і г.д.

Стэльмах займаўся вырабам гужавых транспартных сродкаў розных відаў - вазоў, брычак, двуколак, саней  - а таксама самых галоўных іх элементаў - колаў і палазоў. Вазы і сані рабілі ў кожнай вёсцы, а выраб колаў, які патрабуе спецыяльных навыкаў, прыстасаванняў і вопыту, часцей за ўсё ажыццяўляўся спецыяльнымі майстрамі-калёснікамі.
Бондар вырабляў бочкі і посуд з “клёпкі” - вузкіх, доўгіх, старанна выгаблеваных дошчачак складанай формы. Вядро, маслабойку, кадку, балею, дзяжу - усё гэта заказваў гаспадар бондару.
Токар вырабляў дакладны посуд, калаўроты-тачонкі, верацёны, дэталі мэблі, цацкі і г. д.. Такарны станок быў вядомы ў Беларусі з ХІ стагоддзя.
Дзяўбленне. Вытанчаным прадметам папярэднічалі вырабы , выдзеўбленныя  з цэльнага кавалка дрэва. Такім спосабам вырабляліся лыжкі, талеркі, міскі, чашы, каўшы, пляшкі (“біклагі”), кубкі, пчаліныя вуллі і нават мэбля.

Изображение

Разьба па дрэве
Разьба - самы старажытны спосаб упрыгожвання вырабаў з драўніны. Разьбой упрыгожвалі драўляныя хаты, мэблю і посуд, ткацкія станкі і калаўроты. У даўніну любы арнамент з'яўляўся не столькі дэкаратыўным элементам, колькі ўвасабляў у сабе цэлую сістэму знакаў і своеасаблівых кодаў. Аднымі з самых распаўсюджаных былі  сімвалы Сонца. Сонца ўвасабляла пачатак жыцця і чысціню чалавечых намераў. Вядомыя і іншыя знакі. Так, дрэва з'яўляецца сімвалам жыцця роду: карані дрэва - продкі, ствол - тыя, што жывуць, крона - будучыя пакаленні.

Выява каня прыносіць шчасце, урадлівасць. Гусь, лебедзь і вутка з'яўляюцца сімвалам добрага пачатку. Певень, паўлін, курыца ахоўваюць ад ліхіх вачэй.

Изображение

ганчарная справа

Изображение

Вытокі рамяства

Ганчарства вядома ў Беларусі яшчэ з часоў неаліту, г.зн. каля 10 000 гадоў да н.э. Сама назва рамяства паходзіць ад слова “горн” (“гаран”, “гарно”), абазначае “печ для абпальвання”. Першапачаткова гліняныя вырабы ляпілі ўручную без тэрмічнай апрацоўкі. Паступова асноўным кампанентам фармовачнай масы стала гліна, у якую для павелічэння трываласці дабаўлялі сухую траву, лубяныя валокны, таўчоныя ракавіны, пясок. Як самастойнае рамяство ганчарства існуе ў Беларусі з X ст., калi з'явіліся першыя ганчарныя кругі.

Изображение

 

саломапляценне

На думку даследчыкаў, салома, як матэрыял для пляцення, стала выкарыстоўвацца яшчэ некалькі тысяч год таму ў сувязі з развіццём земляробства.

Яна выкарыстоўвалася як для вырабу рэчаў гаспадарча-бытавога прызначэння, так і ў абрадава-рытуальных мэтах. З цягам часу гэтыя функцыі саломы становяцца другаснымі. Акрамя таго багаты асартымент саламяных вырабаў часам не дазваляў іх аднесці толькі да бытавых ці рытуальных прадметаў.

На першы план выходзіць дэкаратыўнае прызначэнне: для аздаблення інтэр’ера альбо выкарыстанне як найлепшага сувеніра з беларускай зямлі. Сучасныя майстры саломапляцення ствараюць высокамастацкія творы, дзякуючы якім “беларуская саломка” стала сапраўднай візітоўкай нашага краю.

Разам з тым, некаторыя ўзоры сучасных саламяных вырабаў можна было ўбачыць сто–дзвесце год таму ў выкарыстанні беларусаў. Так, мужчынскі галаўны ўбор – капялюш (брыль) – з’яўляўся неад’емнай часткай касцюма. Яго форма і тэхніка стварэння засталася практычна нязменнай.

Новаўвядзеннем у саломапляценні можна лічыць жаночыя галаўныя ўборы. Неабходна зазначыць, что жаночыя галаўныя ўборы ў традыцыйны беларускі касцюм не ўваходзілі. Аднак сёння пры іх стварэнні майстры праяўляюць вялікую фантазію. Найперш, гэта заўважна ў дэкаратыўных элементах. Форма таксама даволі разнастайная: капялюшы з рознай шырынёй палёў, вяночкі, абручыкі і сапраўдныя “кароны”. 

Прызначэнне саломапляцення практычна не змяніла свой характар: яно захавала утылітарна-практычную функцыю, з якой арганічна спалучаецца мастацка-дэкаратыўная. Найбольш ярка і выразна дэкаратыўныя якасці саломы выявіліся ў разнастаўных куфэрках і скарбонках.

Нягледзячы на страту магічнай функцыі, працягваецца традыцыя стварэння “павукоў” – даволі незвычайных твораў аб’ёмна-прасторавага характару. 

Меншай папулярнасцю карыстаюцца калядныя маскі. 

Для большасці сучасных майстроў-саломапляцельшчыкаў любімы жанр – выраб разнастайных фігурак жывёл і птушак. Такія традыцыйныя вобразы дазваляюць не адрывацца ад народнай асновы.

Яшчэ адным прыкладам развіцця пластычный творчасці з’яўляецца папулярны выраб саламяных лялек і цацак розных памераў. 

Вялікага размаху дасягнула тэндэнцыя стварэння дэкаратыўных пано, кветак, вазаў і іншых прадметаў мастацкага аздаблення інтэр’ера. Па сутнасці прызначэнне такіх вырабаў носіць выставачны характар. 
Пра высокі ўзровень саломапляцення на Беларусі ў старажытнасці сведчаць царскія брамы канца 18 – 19 стст. (захаваліся адзінкі). Гэтыя творы – сапраўдныя шэдэўры народнага мастацтва. 

Гэта яшчэ раз падкрэсліла, што сучаснае саломапляценне – адметная з’ява ў нацыянальнай культуры Беларусі, якая ўвабрала ў сабе шматвекавыя традыцыі і сучаныя тэндэнцыі.