Музей "Беларуская хатка"

Сіламі педагогаў нашай дашкольнай установы быў створаны этнаграфічны музей "Беларуская хатка"- для азнаямлення выхаванцаў з культурай і побытам беларускага народа.

Тут сабраны ўнікальны матэрыял з усіх куткоў Гродзенскай вобласці. Некаторым рэчам больш чым за сто гадоў. Адметнай асаблівасцю рэчаў, прадстаўленых на выставе, з’яўляецца тое, што ўсе яны выраблены ўручную і выпраменьваюць энергетыку таго часу.

Аснова музея - экспазіцыя, складзеная з прадметаў сялянскага побыту. У музеі можна палюбавацца прыгожымі ручнікамі, глінянымі вырабамі, сурвэткамі, патрымаць у руках верацяно, серп, папрасаваць рэчы з дапамогай качалкі, зачарпнуць апалонікам у чыгун, замясіць цеста ў дзежцы, даведацца аб прызначэнні  ступы, маслабойкі,  паспрабаваць пакачаць ільняны ручнік, агледзець сялянскі гардэроб.

На базе музея праводзіцца знаёмства з абрадамi і святамi беларусаў.

 Музей увесь час папаўняецца.